| Тэзісы да семінару |
[Nov. 18th, 2009|10:39 am] |
Выкладваю кароткія тэзісы свайго выступу на семінары "Універсітэт як месца фарміравання нацыянальных эліт". На жаль, атрымалася так, што мой выступ крыху не папаў у тэму менавіта гэтага семінара, паколькі ён усё ж быў запланаваны да мінулага, дзе шла размова пра ролю універсітэта ў фарміраванні нацыі.
Пры рэканструкцыі лекцыі Уладзіміра Мацкевіча пра Універсітэт як фактар нацыяўтварэння мне выдаецца, што ствараецца спакуса інструменталізацыі Універсітэта. То бок, мы можам узяць Пражскі/Ягелонскі (як мадэль пераадолення перыферыйнасці) і Гумбальдаўскі (як мадэль месца, дзе стварюцца нацыянальныя эліты) універсітэты як ідэальныя тыпы, прымеркаваць іх да беларускай сітуацыі, не знайсці там аналагаў і тады паставіць задачу стварыць Універсітэт, які закрые сабою вышэйпазначаныя функцыі. Гэта ж можа прывесці да заганы nation construction, дзе саманазваныя эліты будуць даводзіць "ненармальных" беларусаў да "нармальнага, цывілізаванага, еўрапейскага" віду. Я ж прапанаваў звярнуцца непасрэдна да той сітуацыі XIX ст. у Краі, які потым пераўтворыцца ў Беларусь, і разабрацца, як фармуецца нацыя, якая не мае свайго Універсітэта. То бок, паспрабаваць знайсці унутраную логіку, калі знешнія схемы не адкідаюцца цалкам, а застаюцца дзесьці збоку. Пры вялікім спрашчэнні мы можам казаць, што нацыянальнае фарміраванне патрабуе масавай адукацыі і масавай культуры. Падрабязней - пра другі момант. Да мадэрнага часу існаваў даволі жорсткі падзел на высокую (арыстакратычную) і нізкую (народную) культуру. У XIX ст. з распадам класіцызму і наступленнем рамантызму адбываецца своеасаблівая канвергенцыя высокай і нізкай культуры ў культуру масавую, у гэты час яна можна выступаць як сінонім нацыянальнай. Арыстакратычная культура звяртаецца да народнай і перакладае яе на сваю мову, акрамя таго, якраз ва Універсітэтах і ствараецца уніфікаваны канон нацыянальнай культуры, які потым распаўсюджваецца праз новаствораную сістэму масавай адукацыі. У Беларусі ж гэтыя два ўзроўні высокай і нізкай культуры ва ўмовах адсутнасці Універсітэту так і працягвалі існаваць асобна. Рамантыкі і пазнейшыя носьбіты высокай культуры працягвалі звяртацца да ідэалу Літвы/Рэчы Паспалітай. І толькі наступленне сацыялістычных поглядаў у другой палове XIX ст. прыводзіць да пачатку стварэння нацыянальнай культуры, толькі не як зліцця высокай і нізкай культуры, а на грунце атаесамлення простанароднага, вясковага, галечнага з беларускім (у Акудовіча гэта апісваецца як экспансія "нізавога" міфа Багушэвіча). Арыстакратычная ж культура маркіруецца як чужая, польская, панская, а пасля рэвалюцыі 1917 г. і "ўз'яднання" Беларусі 1939 г. і вынішчаецца фізічна. Гэты міф беларуса як беднага, забітага, вечна галоднага селяніна-мужыка выдатна зліўся з бальшавіцкім уладкаваннем Беларусі. Вынікам стаў сімбіёз сацыялістычных поглядаў і вясковай культуры, які праз працэсы савецкай урбанізацыі і масавай адукацыі прывёў да стварэння савецкіх беларусаў. І сучасная Рэспубліка Беларусь і яе жыхары - прамыя нашчадкі савецкіх беларусаў, з тымі ж каштоўнасцямі і культурнымі нормамі. Такім чынам, я бачу адной з задач новага Універсітэту выпраўленне гэтай гістарычнай хібы праз канвергенцыю высокай і нізкай культуры і стварэнне новага канону нацыянальнай культуры. Магчыма, гэта прывядзе да паўстання Новай, Іншай Беларусі, якая будзе існаваць паралельна з (пост)Савецкай Беларуссю. З іншага боку, у сучасным свеце неяк дзіўна трымацца за "мона"- прынцып нацыянальнага існавання. І яшчэ адзін істотны момант, вяртанне да арыстакратычнай культуры XIX ст. як наднацыянальнай, краёвай, дазваляе стварыць новы канон, які будзе куды больш здатны на рэгіяналізацыю. Зварот да спадчыны агульнай культуры многіх народаў адкрывае новыя перспектывы супрацоўніцтва і сужыцця гэтых жа народаў у сучаснасці. |
|
|